Муж и жена одна сатана. А як па-беларуску? | Вучым мову і перакладаем правільна – Ладны пераклад

Працягваем разам шукаць беларускія адпаведнікі рускім устойлівым выразам, якімі, на жаль, пакуль яшчэ поўніцца наша двухмоўнае жыццё. Але ў нас жа свае ёсць – ярчэйшыя! У ранейшым выпуску пра каханне мы, як у казцы, спыніліся на вяселлі ды першых гадах наважэнства. Аднак ж сапраўднае сямейнае жыццё пасля вяселля толькі пачынаецца. І доўга трэба пражыць, каб пра пару пачалі гаварыць: “Они из одного теста”. Гэта па-руску. А беларускі рэкашэцік будзе такі: “Бліны-ляпешкі з аднае дзежкі”. Клас, праўда?! На пачатку сямейнае жыццё на казку можа зусім і не паходзіць)) Хутчэй на прыказку-хуткамоўку: “Чорт сем пар лапцяў стаптаў, пакуль гэтакую пару дабраў”. А? Паспрабуйце паўтарыць. Але ж старонні ў сям’ю не ўлазь, нават калі там сварацца. Як тады звычайна кажам па-руску? “Муж и жена – одна сатана”. А па-нашаму, па-беларуску? – Усё ж лепей будзе. “Муж ды жонка – чэрці адной шэрсці”. Вобраз які, а?! Яшчэ: “Гаспадар і баба – адна рада”. І далей – ужо з большай прыязнасцю. “Антось ды Тадора – што лапаць ды абора”
Back to Top