Югася Каляда / “Я ела снег“

Я ЕЛА СЬНЕГ Я ела сьнег, непрытомная, ў сьне; ён раставаў ува мне: добра пасолены вуліцаў сьнег, пыльны сьнег на акне; сьнег мандарынавы з-пад ліхтара; неруш абапал шашы; сьнег, што пратэктарамі ўзараў рух каламутны машын; сьнег, што крывавяць пажар, салют, нованароджаны дзень; сьнег, як неба адказ, на зямлю са спазьненьнем ідзе. Талы, зь пяском, зь недапалкамі, сьнег Кіеўскім спускам сьцякаў і па прыступках бег да мяне. Я ела сьнег; я рака.
Back to Top