Пляценне вянкоў

Пляценне вянкоў дзяўчатамі — абавязковы элемент Купалля. Збіралася невялікімі групкамі і ішлi ў поле за кветкамі. На Дубровеншчыне расліны для вянкоў збіралі з розных палёў, якія адносіліся да суседніх вёсак. Згодна павер’ю такім чынам можна было заманіць адтуль да сябе жаніхоў. Пры гэтым «стараліся, каб хлопцы з чужых дзеравень да нас прыходзілі гуляць». Акрамя такіх агульнавядомых і шырокавыкарыстоўваемых кветак як васількі, рамонкі і дзьмухаўцы, найбольш папулярнымі раслінамі для пляцення вянкоў на Падзвінні былі чабор, брат-сястра, плакун-трава, быльнёг (палын), якія мелі ярка выражаную апатрапейную функцыю. Прымячальна, што некаторыя з вышэй пералічаных раслін з ’яўляюцца рудэральнымі – гэта значыць растуць на памежжы каля дарог і валодаюць спецыфічнымі абарончымі прыстасаваннямі або якасцямі (наяўнасць шыпоў, атрутных рэчываў). Падобны характар раслін відавочна ўказвае на іх прыналежнасць да сферы іншага свету, што добра суадносіцца з традыцыйнымі ўяўленнямі пра актыўнасць нячыстай сілы ў «шалёную ноч» на Купалле: «Ды як у дзярэўні, дык гавораць: «шалёная ноч будзець».
Back to Top