Выстава Івана Семілетава “Сінтэз“ у Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва. Аўтарская экскурсія.

Выставачны праект Івана Семілетава «СІНТЭЗ» уяўляе сабой разважанне сучаснага мастака пра вечныя каштоўнасці і катэгорыі быцця, пра выгіны свядомасці ў сучасным тэхнакратычным стагоддзі. Жывапіс Івана Семілетава мовай пластычных алегорый і метафар несумненна звяртаецца да духоўнага свету, але робіць гэта ў некалькі незвычайным фармаце: праз механізмы і іх “жыццё ў мастацтве“. Мастак адрозніваецца крэатыўнасцю мыслення, уласнай вядомай пластычнай мовай, шырынёй поглядаў, разнастайнасцю напрамкаў, жанраў і відаў мастацтва, якімі валодае. Упершыню на выставе ў Віцебску прадстаўлены і ўнікальны гукавы арт-аб’ект. Іван Семілетаў – пастаянны ўдзельнік міжнародных і рэспубліканскіх выставачных праектаў. Мастак жыве і працуе ў Мінску. З’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў і Міжнароднага аб’яднання мастакоў «Сонечны квадрат». Іван Семілетаў займаецца кніжнай графікай, манументальным, станковым жывапісам і габеленам. Яго работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у Музеі сучаснага рускага мастацтва ў Джэрсі-Сіці (ЗША), у калекцыі Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Беларусі, у прыватнай калекцыі Халіда Самаві, Багалюба Карыча, Аляксандра Глезера і іншых прыватных калекцыях ЗША, Партугаліі, Германіі, Аўстрыі, Італіі, Сірыі, Расіі і многіх іншых краін.
Back to Top